Аб праекце Касцюкоўшчына – багаты літаратурны край. Яркія, зорныя імёны ў кожным яе
куточку. Саматэвічы – народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў, Вялікі Бор –
народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў, Студзянец – паэт Аляксей Русецкі,
Канічы – радзіма пісьменніка Васіля Хомчанкі, Клеявічы – пісьменнік Леанід
Левановіч… І сярод згаданых яркіх, сапраўды зорных па свайму мастацкаму таленту
імёнаў не згадана і паловы яркіх творчых асоб, чые творы чытаюцца, прымаюцца
душою і сэрцам і праз гады пасля нараджэння вершаў, пасля нараджэння
запамінальных радкоў.
Час не спыняе хады. Звонкія летнія ліўні змяняюцца залатымі восеньскімі
мяцеліцамі, завейныя зімы – вясновымі сонечнымі дажджамі. Нязменна адно –
памяць.
Таму хочацца прыпыніцца і ўзгадаць імя знакамітага песняра блакітнага краю Алеся Уладзіміравіча
Пісьмянкова. “Ёсць людзі, - гаварыў Навум Гальпяровіч,- надзеленыя ад прыроды
ўсім – і ростам, і паставай, і прыгожай знешнасцю, і цудоўным голасам, і
розумам, і талентам… Да такіх людзей належыў Алесь Пісьмянкоў”. Паэта нарадзіла і ўзрасціла багатая на
гісторыю, славутасцей Бялынкавіцкая
зямля. У вёсцы Бялынкавічы паэт зрабіў свае першыя крокі. Тут жа нарадзіліся і
яго першыя радкі.
Няма паэта, ды жыве напісанае ім.
У знак светлай памяці Алеся
Уладзіміравіча Пісьмянкова Бялынкавіцкай сельскай бібліятэкай дзяржаўнай
установы культуры “Бібліятэчная сетка Касцюковіцкага раёна” сумесна з цэнтральнай раённай бібліятэкай імя
І. Чыгрынава створаны віртуальны музей “Алесь Пісьмянкоў: паэт і чалавек”, і
прысвечаны ён жыццю паэта, яго літаратурнай спадчыне.
Пры падрыхтоўцы базы дадзеных выкарыстаны розныя крыніцы: матэрыялы,
сабраныя бібліятэкарам Бялынкавіцкай сельскай бібліятэкі, атрыманыя ад мясцовых
жыхароў пад час гутарак, артыкулы з перыядычнага друку, матэрыялы ДУК
“Бібліятэчная сетка Касцюковіцкага раёна”, матэрыялы краязнаўчага музея ДУА “Бялынкавіцкая
сярэдняя школа Касцюковіцкага раёна”, УК «Касцюковіцкі краязнаўчы музей»,
электронныя рэсурсы інтэрнэта.
Электронны рэсурс складаецца з пяці раздзелаў: “Аб праекце”, “Жыццё”,
“Творчасць”, “Памяці паэта”, “Бібліяграфія”. Матэрыялы кожнага ахопліваюць
розныя бакі шматграннай жыццёвай і творчай дзейнасці Алеся Пісьмянкова,
узнаўляюць малавядомыя факты і істотна дапаўняюць выкладзеную ў даведніках
біяграфію творцы. Шматлікія звесткі падмацаваны ўспамінамі родных, сяброў і
калег па пяру, інтэрв’ю, лістамі, дзённікамі, архіўнымі дакументамі,
матэрыяламі, фотаздымкамі.
Раздзел “Жыццё” складаецца з тэматычных блокаў, у якіх змешчаны матэрыялы
аб жыцці Алеся Пісьмянкова, яго аўтабіяграфія і біяграфія. Тут жа прадстаўлены
дакументы, узнагароды, лісты, запрашэнні, віншаванні да паэта. Таксама раздзел
змяшчае фотаздымкі з уласнага архіва паэта. Асобным блокам у раздзеле сабраны кнігі з аўтографамі і дароўнымі надпісамі ад паэтаў, пісьменнікаў,
падараваныя Алесю Пісьмянкову. Яшчэ адзін блок раздзела прысвечаны аўдыязапісам твораў паэта.
Раздзел “Творчасць” змяшчае ў сабе інфармацыю аб храналогіі выхаду кніг,
артыкулы з перыядычных выданняў, рукапісы і машынапісы паэта з аўтарскай праўкай, таксама
сюды ўвайшлі вершы Алеся Пісьмянкова, пакладзены на музыку кампазітарамі І.
Раманчуком, В.Макеевай, М. Яцковым, В. Каваліным.
Раздзел “Памяці паэта” ўтрымлівае інфармацыю па ўшанаванню імя і памяці
паэта, а таксама ўключае творы – прысвячэнні Алесю Пісьмянкову.
Раздзел “Бібліяграфія” адлюстроўвае спіс матэрыялаў аб жыцці і творчасці Алеся
Пісьмянкова.
Віртуальны музей дае магчымасць атрымання інфармацыі шырокаму колу
карыстальнікаў, адрасаваны навучэнцам і настаўнікам, аматарам і майстрам
мастацкага слова. У дадзенага рэсурса не толькі інфармацыйна-асветніцкая мэта.
Яго місія заключаецца ў захаванні памяці і папулярызацыі культурнай спадчыны
Алеся Пісьмянкова.
Паважаныя аматары і майстры мастацкага слова! Прадстаўленыя ў базе дадзеных матэрыялы могуць быць не
поўнымі або ўтрымліваць недакладнасці. Калі вы знайшлі ў нашай базе памылку ці
валодаеце дадатковымі матэрыяламі, адпаведнымі звесткамі аб славутым земляку,
вялікая просьба звязацца з намі.
Гэта можна зрабіць па тэлефоне 8 (02245) 23 -778, ці па электроннай пошце - kostbibl@mogilev.by |
ГУК "Библиотечная сеть Костюковичского района" |